ЦІО́РКСКІ КАГАНА́Т,
дзяржава племяннога саюза цюркаў у 552—745 на тэр. Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Кітая. На чале дзяржавы стаяў каган. У 545 цюркі разграмілі уйгурскія плямёны, у 551 — жужан. У 555 пад уладай цюркаў былі ўсе народы Цэнтр. Азіі, у т. л. кідані ў Зах. Маньчжурыі і енісейскія кіргізы. У 560-я г. яны перамаглі Эфталітаў дзяржаву, у 570-я г. ў залежнасць ад Ц.к. трапілі паўн.-кіт. дзяржавы Чжоў і Цы. У саюзе з Візантыяй Ц.к. пачаў вайну супраць Ірана за кантроль над Вялікім шаўковым шляхам; у 571 мяжа паміж імі праходзіла па р. Амудар’я, а ў 588—589 да Ц.к. далучаны і некаторыя вобласці на зах. беразе Амудар’і. У 576 цюркі захапілі Баспор (Керч), у 581 узялі ў аблогу Херсанес Таўрычаскі. У канцы 6 ст. з-за міжусобіц і паліт. крызісу Ц.к. распаўся на ўсх. (цэнтр.-азіяцкую) і зах. (сярэднеазіяцкую) часткі. Асн. землі Зах. Ц.к. ў 658—659 акупіраваны кіт. войскамі. У 704 Зах. Ц.к. вызваліўся ад кіт. залежнасці, але напады суседзяў і ўнутр. супярэчнасці прывялі яго да гібелі ў 740. Усх. Ц.к. у 609—619 аднавіў свой уплыў у Цэнтр. Азіі, але пасля паражэння ў 630 у вайне трапіў у залежнасць ад Кітая. У 691—716 на кароткі час ён пашырыў сваю тэр. ад Маньчжурыі да Сырдар’і; цюркскія атрады дайшлі да Самарканда. У 712—713 ён пацярпеў паражэнне ў бітвах з арабамі. Усх. Ц.к. распаўся на ўдзельныя княствы, а на яго месцы ўзнік Уйгурскі каганат (745—840).
т. 17, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)